ТРА́НСПАРТ РЭ́ЧЫВАЎ у жывых арганізмах,
перанос рэчываў у вадкіх асяроддзях арганізма (кроў, лімфа, тканкавая вадкасць) і праходжанне іх праз біял. бар’еры (мембраны, клеткі, міжклетачны матрыкс). У біял. вадкасцях рэчывы транспартуюцца ў свабодным або звязаным (пераважна з бялкамі) выглядзе. Пры пераходзе праз мембраны адрозніваюць Т.р. пасіўны і актыўны. Пасіўны ажыццяўляецца па градыенце канцэнтрацыі (ад большай да меншай) у бок меншага электрахім. патэнцыялу без затраты метабалічнай энергіі (гідролізу АТФ), уключае дыфузію (простую і аблегчаную) і перанос праз каналы. Простая дыфузія (напр., кіслароду O2, дыаксіду вугляроду CO2) ажыццяўляецца без утварэння комплексаў з інш. малекуламі; аблегчаная — з дапамогай рухомых або фіксаваных у мембранах пераносчыкаў (напр., усмоктванне ў кішэчніку вітаміну B12 з дапамогай спец. трансп. бялку — гастраму-капратэіну). Т.р. праз спецыялізаваныя каналы характэрны для іонаў натрыю Na+, калію K+, кальцыю Ca2+ і інш. Актыўны Т.р. адбываецца супраць градыентаў іх хім. канцэнтрацый з затратай метабалічнай энергіі (гідроліз АТФ). Так ажыццяўляецца перанос нізкамалекулярных катыёнаў, амінакіслот, некат. гармонаў, вітамінаў і інш. Асобныя віды Т.р. — осмас, пінацытоз, фільтрацыя.
І.М.Семяненя.
т. 15, с. 508
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)